УМЕ́РАНЫЯ ПАЯСЫ́,
геаграфічныя паясы Зямлі, размешчаныя ў Паўн. паўшар’і паміж субарктычным поясам і субтрапічным поясам (ад 65° да 40° паўн. ш.), у Паўд. — паміж субантарктычным поясам і субтрапічным поясам (ад 58° да 42° паўд. ш.). Займаюць каля 1/4 паверхні зямнога шара, у Паўн. паўшар’і пераважае суша (каля 55% паверхні), у Паўд. — мора (98%). Характэрна добра выражаная сезоннасць тэрмічнага рэжыму з працяглай снежнай зімой, якая перарывае на б.ч. сушы вегетацыю раслін і абумоўлівае сезонную перыядычнасць многіх прыродных працэсаў (замярзанне рэк і азёр, развіццё схілавых, глебаўтваральных працэсаў, феналагічных фаз жывой прыроды і інш.). На сушы адзначаюцца прасторавыя змены ўвільгатнення, паводле якога вылучаюць зах.-прыакіянічны, унутрымацерыковы і ўсх.-прыакіянічны сектары (гл. Умераны клімат). У ландшафтах сушы пашыраны зоны акіянічных лугоў, лясныя, лесастэпавыя, стэпавыя, паўпустынныя і пустынныя, у гарах — вышынная пояснасць. На вял. плошчы (пераважна ў Сібіры) шматгадовая мерзлата. Значныя тэрыторыі асвоены пад земляробства (збожжавыя, бульба, цукр. буракі і інш.). Для акіянаў у межах У.п. характэрны вял. гадавыя ваганні т-ры і салёнасці вады, багацце арган. жыцця.
т. 16, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)